По вопросам размещения рекламы на сайте, обращайтесь:
prod@beltrade.by
banners

О нас пишут » Беларусь і беларусы на кожны дзень

 

17 студзеня 2008 года

№ 9 (26122)

КАРАНІ
 

Настольныя перакiдныя календары палiграфiчныя прадпрыемствы выпускаюць дзесяткi гадоў. Але тое, што прапануе сёння выдавецкi дом "Знешнi гандаль", прыемна здзiўляе. Нядаўна выйшаў з друку Імiдж-каляндар "Аблiчча краiны. Беларусь — 2008". Гэта не зусiм звычайны каляндар, кожная старонка якога знаёмiць з Беларуссю праз яе людзей i працоўныя калектывы. Вельмi прывабная, трэба сказаць, атрымлiваецца карцiна. Пра тое, як выбiралiся героi для календара, паводле якога прынцыпу i для чаго ён зроблены, мы вырашылi распытаць галоўнага яго iнiцыятара i стваральнiка — дырэктара выдавецкага дома Дзмiтрыя ЛУПАЧА.


— Дзмiтрый Пятровiч, з цiкавасцю i задавальненнем гартала вашы iмiдж-календары за мiнулы i новы год, i першае пытанне, якое ўзнiкае само сабой: якiм чынам адбываецца адбор? Асаблiва - асобаў? Хто i дзе вырашае, што гэты чалавек варты прадстаўляць Беларусь?


— Калi ўзнiкла iдэя зрабiць каляндар, на якiм будуць прадстаўлены лепшыя людзi i прадпрыемствы краiны, я звярнуўся ў Беларускую навукова-прамысловую асацыяцыю да яе старшынi Мiкалая Стральцова. Яму спадабалася, i Асацыяцыя звярнулася да Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта з прапановай выдаваць такiя календары, чытачы якiх упэўнiвалiся б, што жывуць у добрай краiне. Пасля гэтага было даручэнне Савета Мiнiстраў, добра адгукнулiся мiнiстэрствы iнфармацыi i эканомiкi. Цяпер усе мiнiстэрствы i ведамствы, грамадскiя арганiзацыi, шматлiкiя кiруючыя структуры краiны бяруць удзел у напаўненнi зместу календара. Мы iмкнёмся змяшчаць як мага больш партрэтаў людзей. Нават буйныя прадпрыемствы трэба паказваць праз асобаў, праз чалавечыя твары, бо i краiна, i завод, i сельскi кааператыў, i бальнiца, i газета — гэта перш за ўсё людзi, якiя там працуюць. Гэта — асноўная задума нашага календара.

— На каго разлiчана ваша выданне?

— На ўсiх, для каго звыклымi з’яўляюцца на рабочых сталах настольныя перакiдныя календары. У кожнага кiраўнiка, мiнiстра, дырэктара прадпрыемства, iнжынера, бухгалтара, як правiла, ёсць на сталах гэты "працоўны iнструмент", дзе змешчана неабходная на кожны дзень iнфармацыя — дата, дзень, усход-захад сонца i гэтак далей. Ёсць месца i для запiсаў. Але ў нас, акрамя ўсяго гэтага, у днi дзяржаўных i прафесiйных святаў надрукаваны фота тых, хто дастойна прадстаўляе свята, прафесiю. Змешчана шмат пазнавальнай iнфармацыi, i таму ў чытачоў, якiя дзень за днём перагортваюць старонкi, складваецца добрае ўражанне пра Беларусь як краiну, што дынамiчна развiваецца. Каляндар гэты iмкнёмся распаўсюджваць праз мiнiстэрствы, ведамствы, членаў Рэспублiканскага клуба дырэктараў пры Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыi i iншымi шляхамi.

— Разам з тым цi можа яго купiць любы чалавек у магазiне?

— Так. Ён хутка з’явiцца ў кiёсках Белсаюздруку, на поштах i ў кнiжных крамах. I кожны зможа скарыстацца iнфармацыяй, якую змяшчаюць яго старонкi.


— Сёлетнi каляндар чым адрознiваецца ад мiнулагодняга?

— Па-першае, у нас ужо быў вопыт, i мы пастаралiся зрабiць сёлетнi каляндар яшчэ лепшым. Як ужо сведчаць многiя нашы чытачы, нам гэта ўдалося. Каляндар на 2008 год атрымаўся цiкавейшы — i па насычанасцi iнфармацыяй, i па ўзроўнi мастацкага афармлення, i па палiграфiчным выкананнi. Гэты год у Беларусi аб’яўлены Годам здароўя, адбудуцца Алiмпiйскiя гульнi ў Пекiне, таму мы пастаралiся на старонках календара змясцiць больш iнфармацыi пра нашых выдатных спартсменаў. Наогул, на маю думку, сёлета нам больш поўна ўдалося адлюстраваць аблiчча краiны.

— Самi вы, у працэсе падрыхтоўкi календара, рабiлi для сябе адкрыццi пра Беларусь?

— Безумоўна! Напрыклад, даведаўся, што выдатнаму чалавеку, Герою Беларусi М. С.  Высоцкаму сёлета спаўняецца 80 гадоў. I мы яго, як i многiх iншых юбiляраў павiншавалi на старонках календара! Сапраўдным адкрыццём Беларусi для мяне стала знаёмства з многiмi нашымi знакамiтымi мастакамi, артыстамi, спартсменамi, кiраўнiкамi прадпрыемстваў.

— Скажыце колькi слоў пра выдавецтва.

— Мы працуем з 2004 года. Адна з мэтаў выдавецкага дома "Знешнi гандаль" — дапамагаць беларускiм прадпрыемствам у выхадзе на замежныя рынкi. Дзеля гэтага таксама выпускаем iнфармацыйна-рэкламныя каталогi "Made in Belarus" (на рускай i англiйскай мовах), якiя распаўсюджваюцца ў розных краiнах свету. У гэтым нам дапамагаюць Беларуская гандлёва-прамысловая палата, выставачныя кампанii, якiя праводзяць шматлiкiя выставы беларускай прадукцыi за межамi краiны. Прадпрыемствы, iнфармацыя аб якiх надрукавана ў "Made in Belarus", атрымлiваюць магчымасць завочнага ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах. Дзейнiчае наш сайт www.made-in-belarus.biz, дзе замежныя наведвальнiкi змогуць знайсцi шмат цiкавага пра беларускую прадукцыю.

— Раскрыйце сакрэт, якiм шляхам на старонкi iмiдж-календара прыйшла газета "Звязда"?

— Гэта была мая ўласная iнiцыятыва. "Звязда", як i любая газета, сама — адлюстраванне краiны, яе гiсторыi i сённяшняга дня. Я яе прыхiльнiк i адданы чытач, яна цiкава пiша на ўсе тэмы, i для ўсiх слаёў нашага грамадства. Мяркую, што "Звязда" годна ўпрыгожвае старонкi iмiдж-календара. На маю думку, у iм увогуле няма выпадковай iнфармацыi. Каб рабiць такi каляндар, трэба ведаць i любiць сваю краiну.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА